26 лістапада наша краіна адзначае 95-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, пісьменніка, які з’яўляецца адной з найбольш яркіх фігур у беларускай літаратуры XX стагоддзя і першым, хто звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыва. З гэтай нагоды 25 лістапада у цэнтральнай раённай бібліятэцы для вучняў старэйшых класаў ДУА «СШ № 1 г. Драгічына» прайшоў вечар-партрэт «Прысвячаецца Уладзіміру Караткевічу».
Навучэнцы пазнаёміліся з біяграфіяй пісьменніка, яго разнастайнымі творамі, прысвечанымі роднай Беларусі. Асаблівы акцэнт быў зроблены на яго творчасць, як майстра гістарычнага рамана, і на такія вядомыя творы, як «Хрыстос прызямліўся ў Гродне», «Чорны замак Альшанскі», а таксама аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха». Вядучыя таксама расказалі прысутным і малавядомыя факты пра Уладзіміра Сямёнавіча, пра людзей, якія былі для яго аўтарытэтам і прыкладам. Успомнілі гісторыю знаёмства Караткевіча з Валянцінай Браніславаўнай, выкладчыкам Брэсцкага педінстытута, якая пасля стала яго жонкай.
Мерапрыемства суправаджалася мультымедыйнай прэзентацыяй, была аформлена кніжная выстава «Гэты недасяжны свет Караткевіча».


























