У кожнага народа ёсць паэты да слоў якіх прылучаны сэрцы многіх пакаленняў, безумоўна, для беларусаў, — гэта Янка Купала і Якуб Колас – веліч і значэнне якіх узрастаюць ад пакалення да пакалення. З’яўленне на Зямлі ў адзін, 1882 год, двух паэтаў — Божы дар беларускаму народу.
Ужо 140 гадоў беларуская зямля ўслаўляе сваіх двух таленавітых сыноў, што прыйшлі да людзей як пасланцы нябёсаў і пакінулі зорны след у вечнасці і ў гісторыі нашай краіны. Сёння без іх творчасці нельга ўявіць родную беларускую літаратуру.
23 верасня цэнтральная раённая бібліятэка запрасіла вучняў “Сярэдняй школы №1 г. Драгічына” на літаратурнае свята “Твае песняры Беларусі”.
Прысутныя атрымалі ўнікальную магчымасць здзейсніць падарожжа ў часе: даведацца пра цікавыя факты лёсаў таленавітых людзей, глыбей зразумець творчасць паэтаў, творы якіх увайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры і вядомы сёння далёка за межамі нашай краіны, а таксама адкрыць для сябе новыя старонкі творчасці Янкі Купалы і Якубы Коласа. Гістарычная заслуга Купалы і Коласа заключаецца перш за ўсё ў тым, што яны стварылі сапраўдныя шэдэўры нацыянальнага мастацтва і тым самым узнялі беларускую літаратуру да ўзроўню перадавых літаратур свету, зрабілі яе агульнанароднай з’явай, адным з больш важных і дзейсных сродкаў маральнага і эстэтычнага выхавання будучых пакаленняў.
Пад час сустрэчы вучням было расказана пра тое, што творчасць вялікіх песняроў увасобіла глыбіню і мудрасць свайго народа, узвышанасць мар і імкненняў адвечнага працаўніка, яго прагу “людзьмі звацца”, што яна з’яўляецца працягам дэмакратычных традыцый у беларускай літаратуры.
Прыемна, што творчасць вялікіх паэтаў жыве і знаходзіць водгук у душах маладых людзей. Навучэнцы з задавальненнем паслухалі вершы любімых паэтаў: “Явар і каліна”, “Мой родны кут, як ты мне мілы”, “Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына”. Своеасаблівым упрыгожаннем свята, стала праслухванне песень, створаных на вершы паэтаў. Таксама вучням была прапанавана віктарына па творчасці Купалы і Коласа.