З мэтай папулярызацыі творчай спадчыны Івана Шамякіна ў цэнтральнай раённай бібліятэцы для вучняў старэйшых класаў СШ №1 і СШ № 2 былі праведзены літаратурныя гадзіны “Чалавек вялікай душы і таленту, прымеркаваныя да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі.
Сёння табе гонар і пашана,
Прывітанне ад братоў, зарніц…
Напісаў нямала ты раманаў,
Хто ж не піў з тваіх жывых «Крыніц»?
Верна служыш дарагой Айчыне,
Радасны, бадзёры, малады,
Шырыню тваёй «Глыбокай плыні»
Вымяраем доўгія гады.
Бібліятэкары аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦРБ расказалі аб біяграфічных звестках і творчым шляху пісьменніка. Вучні даведаліся аб гадах дзяцінства, якое прайшло на ўлонні прыроды, гадах ваеннага ліхалецця, у час якіх І. Шамякін служыў камсоргам дывізіёна, пазнаёміліся з цікавымі звесткамі з жыцця і творчасці пісьменніка.
Супрацоўнікі зрабілі агляд літаратуры з бібліятэчнай выставы «Вядомы ўсей краіне», у час якога звярнулі ўвагу на раманы, аповесці і апавяданні І. Шамякіна рознай тэматыкі: аб Вялікай Айчыннай вайне, жыцці калгаснікаў і сельскай інтэлігенцыі, пра каханне і любоў да жыцця. Гэта творы «Глыбокая плынь», «Першы генерал», «Зеніт», «У добры час», «Злая зорка», «Трывожнае шчасце», «Слаўся, Марыя!» і іншыя, якія дапамагаюць людзям у іх роздуме над жыццём, прызначэннем чалавека, сэнсам яго існавання.
Госці мерапрыемства мелі магчымасць не толькі пазнаёміцца з творчасцю І.Шамякіна, а таксама ўзяць з сабой кнігі, якія ім спадабаліся.
Напрыканцы мерапрыемства з прысутнымі была праведзена літаратурная віктарына па старонках жыцця і творчасці Івана Шамякіна, на пытанні якой вучні адказвалі з задавальненнем
Сустрэча атрымалася пазнавальнай і пакінула станоўчыя эмоцыі ў душы кожнага прысутнага.